Агульныя звесткі аб паэце

Іван Андрэевіч Муравейка нарадзіўся 21 кастрычніка 1921 года ў вёсцы Таль Любанскага раёна. Пасля сканчэння мясцовай сямігодкі вучыўся ў Любанскай сярэдняй школе. У 1939 годзе паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава, але ў канцы года быў прызваны ў Чырвоную Армію. З першых да апошніх дзён вайны знаходзіўся на фронце, тройчы паранены. Быў радавым салдатам-пехацінцам, камандзірам мінамётнага ўзвода, камсоргам палка, літсупрацоўнікам дывізійнай газеты “Наступление”, карэспандэнтам-арганізатарам армейскай штодзённай газеты “На защиту Родины”. Перамогу сустрэў у Берліне. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі.

Дэмабілізаваўся з арміі ў красавіку 1947 года ў званні старшы лейтэнант, інвалідам 2-й групы і вярнуўся на Любаншчыну. І з таго часу жыве ў г. Любані. Больш 35 гадоў працаваў у рэдакцыі раённай газеты — рэдактарам, адказным сакратаром. У 1953 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 1962-64 гг.вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах Саюза пісьменнікаў СССР. Выдаў больш 20 кніг — у Мінску і ў Маскве. У 2006 годзе прысвоена пачэснае званне: “Ганаровы член Саюза — пісьменнікаў”.

Шэраг вершаў Івана Муравейкі пакладзены на музыку кампазітарамі С.Альхімовічам, І.Кузьняцовым, П.Падкавыравым, А.Туранковым, В.Серых, П.Якавенкам, М.Жураўскім, М.Шагавым, А.Кісялём і інш. На фронце, з 1943 года, сталі паходнымі песні 47-й гвардзейскай дывізіі і песня “Баявая палкавая” (музыка — капітана В.Бруса і старшага лейтэнанта І.Гейкельмана).

І.А. Муравейка — заслужаны работнік культуры рэспублікі, выдатнік друку СССР, лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі і прэміі імя Васіля Віткі, узнагароджаны медалем Ф.Скарыны (2002г.), лаурэат прэміі “Залаты купідон” (2007г.), ганаровы грамадзянін горада Любані.

У 2011 годзе Муравейку І.А. споўнілася 90 гадоў. Нягледзячы на паважаны ўзрост, ён вядзе актыўную грамадскую дзейнасць, удзельнічае ў раённых мерапрыемствах, праводзіць значную работу па патрыятычнаму выхаванню вучняў устаноў адукацыі раёна. Ва УА “Тальскі ДВВК ДС – АСШ Любанскага раёна” дзейнічае пакой-музей Муравейкі І.А., заснаваны да яго 80-годдзя ў 2001 годзе. Большасць экспанатаў пакоя-музея – асабістыя рэчы І.А.Муравейкі, якія з задавальненнем ён перадаў установе.
 Актыўна ідзе работа на творчай ніве. Толькі ў 2010 годзе выйшлі кнігі І.А.Муравейкі “Была вайна”, “Лебядзіны край”, “ Я— Іван з Беларусі”.

Прочитано 1156 раз Последнее изменение 30.09.2016
Оцените материал
(0 голосов)

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.lyceumluban.edu.minskregion.by/ru/agulnyya-zvestki-ab-paetse.html#sigProId0538d316a1